Наш музей - Мінянская СШ
Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Раздзелы сайта

Наш музей

Гісторыка-краязнаўчы музей ДУА "Мінянская сярэдняя школа" быў заснаваны 03.01.2002 года.
Музей займае тры пакоі агульнай плошчай 50,2 кв.м.
Асноўныя раздзелы экспазіцыі:
Першая зала – гісторыя ўзнікнення  вёскі. Дакументы, тэксты на польскай мове – сведкі таго, які цяжкі і складананы лёс выпаў на долю аднавяскоўцаў у часы польскай акупацыі.
“Нашы землякі – героі Вялікай Айчыннай вайны” расказвае нам пра часы фашысцкай акупацыі. Ёсць тут і сведкі тых страшных дзён: каскі, пісьмы з фронту і іншае.
Наступныя экспазіцыі расказваюць нам пра станаўленне вёскі пасля вайны і яе сучасны выгляд. Асобна аформлены матэрыял пра нашу школу, яе дасягненні, лепшых вучняў школы.
Другая – “Беларуская хатка”. Тут прадстаўлены экспанаты, якія расказваюць нам пра былое жыццё нашых аднавяскоўцаў. На паліцах можна ўбачыць гліняны посуд, у “бабіным куце” сабраны розныя прылады працы, ёсць тут і печ, і качарыжнік, і “чырвоны кут”. 
 У трэцяй зале размешчаны экспанаты нашых майстроў-умельцаў: ткацтва, народны касцюм, вышыванне. Тут і сувоі палатна, і лён, і ручнікі, і посцілкі. Ёсць таксама і тыя прылады працы, якія дапамаглі стварыць такую прыгажосць. Гэта і калаўротак, і кросны, і многае іншае.
Агульная колькасць экспанатаў - 213.
Асноўны фонд - 171, дапаможны - 42.
Кіраўнік – Копцюх Ніна Аляксандраўна – загадчык музея, настаўніца рускай і нямецкай мовы.

Адзенне нашай мясцовасцi прадстаўлена адзiным касцюмам, дзе больш усяго белага колеру. Мужчынскае адзенне складаецца з кашулi, вузкiх палатняных або суконных штаноў. У кашулi прамы разрэз на грудзях, яна доўгая і таму носiцца на выпуск. Грудзiна, падол, манжэты, каўнер святочнай кашулi багата аздобленыя вышыўкай. Зiмой насiлi кажухi і паўкажухi. Суконная свiтка – сярмяга – верхняе цёплае адзенне беларусаў. Былi распаўсюджанымi галаўныя ўборы сярод мужчын. Летам насiлi саламяныя капелюшы – брылi, зiмой – валеныя шапкi магеркi. Штодзённы абутак - лыкавыя або лазовыя лапцi.

 Асаблiвасць беларускага адзення выразна выступае ў жаночым гарнiтуры. Жанчыны насiлi доўгiя спаднiцы, упрыгожаныя арнаментам. На iх зверху падвязвалi фартухi. Галаўныя ўборы таксама былi распаўсюджаны. Замужнiя жанчыны насiлi намiтку, дзяўчаты – абручык - тонкую арнаментаваную стужку, якая нават не закрывала макаўкi. Найбольш распаўсюджаным галаўным уборам сярод жанчын нашай мясцовасцi быў плат (хустка).

    

Я хачу вам расказаць пра народнае мастацтва , якое вечна жыве, бо ствараецца такiмi таленавiтымi людзьмi, якiя ёсць іў нашай мясцовасцi , і, пэўна, ёсць і ў вас.

Куфар у нашым жыццi выцiснуты шафаю, але ў нашых прабабуль яны і зараз яшчэ пануюць у хаце. Куфры былi розных памераў. Фарбавалiся ў зялёны, вiшнёвы колер, акоўвалiся вуглы.

         Шырокi, высокi, акованы куфар

         Малёваны вокам з клямкаю са сталi.

         Не ўстыдна такому і на панскi хутар,

         Куфар не замкнёны, бо ў нас не кралi.

Куфрам адводзiлася вялікая роля. Стаялiяны на самым пачэсным месцы ў хаце, і дзяўчаты  складалiў яго сваё адзенне, ручнiкi, бялiзну. Да вяселля трэба было куфар запоўнiць. I  вось настае такi час, калi дзяўчына развiтваецца з родным домам. Тады клалі на санкi куфар з пасагам  іўрачыста везлi па вулiцы.

Хлопцы глядзелi, якая працавiтая і ўмелая дзяўчына.

А вось стаяць, як палi, сувоi белага iльнянога палатна. I можна ўявiць, як дзяўчаты церлi лён, пралi, снавалi. У маi ўвесь свет быў белы: ад вiшань, ад яблынь, ад палотнаў на лузе пад сляпучым сонцам. Цяпер саматканае палатно робяць рэдка, старое берагуць. «Свая» тканiна і вопратка з яго лiчацца самай здаровай для летняй спёкi.

Перш чым атрымаць такое палатно, патрэбна спачатку лён пасеяць, потым рукамi парваць, прачом паадбiваць галоўкi, паслаць на траве, сабраць, пасушыць на печы, цернiцай пацерцi, трапачкай патрапаць, на шчотцы счасаць, затым ужо на калаўроце пралi. Са шпуль нiткi звiвалi на верцюхах. А з верцюха снавалiі потым ужо навiтвалi на кросны. Але перш чым навiць, накiдвалi рыдкi, а потым у нiты і бэрда. Ставiлі бэрда ў набылiцы і бралiў рукi чаўнок і пачыналi ткаць. Усё, што вы тут бачыце, ткана кроснамi: льняное палатно, з якога шылi сарочкi,дываны, тканыя па лёне воўнай.  

 На падлозе ляжаць ходнiкi. Гэты тканы у пераборы. Другi – у крыжы. А трэцi звычайны, просты. Ткалi спаднiцы з сукна, так званыя «андаракi»  -  густа сiнiя, зялёныя, часцей чырвоныя, як жар. Часам тканы андарак – гэта твор  мастацтва.

На стале ляжаць некалькi тканых, узорных настольнiц.

Хай едуць госцi, хай едуць нават сваты - пасцялi на стол, стаў пiрагi, частуй мёдам. А каб яны былi роўныя, гладзенькiя -  выкарыстоўвалi качалкi.

Качалi бялiзну часцей за ўсё на лавах, зробленых з дубовых дошак. Засцiлалiся лавы посцiлкамi.

Паглядзiце, якiя прыгожыя ручнiкi. Усе яны розныя. Вось такiя ручнiкi для ўпрыгожвання кута, iм не выцiраюцца, такiмi павязвалi сватоў на вяселлi. А гэтыя, вельмi прыгожыя, служылi для сустрэчы гасцей хлебам-соллю і для каравая. Вось такiя мяккiя, бялюткiя, яны патрэбны на кожны дзень.

 

 

                            

Просiм у хату, госцейкi нашы! Мы запрашаем вас зайсцi ў хату, якой яна была яшчэ не так даўно, а часам сустракаецца і зараз. Выгляд яе для кожнай мясцовасцi быў розны. Але найбольш тыповы выгляд быў такi. Ля  ўвахода, каля дзвярэй, размяшчаўся гаспадарчы вугал або, як яго называлi, бабiн кут. Тут былi розныя гаспадарчыя рэчы, на лаве - драўляныя вёдры, даёнка, карцы, бельчык і iнш. Над лавай на сцяне вiсела кухонная палiца з посудам. Справа ад уваходу размяшчалася печ. У куце каля печы знаходзiўся качарыжнiк - месца, дзе стаялi вiлкi, ухваты, чапяла, мяцёлка і iнш. Каля вугла печы, звернутага ўнутр памяшкання, знаходзiўся канёвы стоўб, што служыў апорай для спальнага памосту. Тут ляжаў напханы сенам цi саломай сяннiк, падушкi, посцiлкi. Уздоўж сцен, амаль па усёй даўжынi стаялi лавы. Яны складалi сямейны скарб і ў час наваселля ўрачыста пераносiлiся са старой хаты ў новую. Перад лаўкамi стол, засланы абрусам, на якiм звычайна пакiдалi хлеб, прыкрыты ручнiком. За абедам у буднi дзень абрус здымалi, месцы займалі ў пэўнай паслядоўнасцi: на покуцi – гаспадар дома, за iм па старшынству iншыя члены сям’i. Сярод мэблi, апрача лаў, палiчак, кутняга стала, шырока ўжывалiся ўслоны, зэдлiкi, дзiцячыя стойкi, хадуны, калыскi. Покуць або красны кут – найбольш шаноўнае месца ў хаце. Яна выконвала важную ролю ў паўсядзённых звычаях і абрадах. На покуцi развешвалi абразы, убраныя ручнiкамi, пучкi асвечаных у царкве жытнёвых каласоў і траў. З упрыгожанняў, акрамя абразоў, былi ручнiкi, посцiлкi, карцiны.

Так ужо вядзецца з даўнiх часоў, што  школа ў жыццi чалавека адыгрывае вялiкую ролю. Менавiта са школы пачынаецца жыццёвы шлях чалавека. Школа дае веды, фармiруе характар, закаляе, рыхтуе да працы, адным словам- школа па часцiнках лепiць чалавека.

    На тэрыторыi цяперашняга мiкрараёна ў 50-я гады працавала 4 школы: Яўсiмавiчская пачатковая ( загадчык Астапук Сцяпан Рыгоравiч), Стрыёўская пачатковая ( загадчык Хiльчук Емяльян Паўлавiч), Рэчыцкая пачатковая ( загадчык Вiнаградаў Пракоп Харлампiевiч) і Засiмоўская сямiгодка ( дырэктар Малышаў Мiкалай Рыгоравiч).

     Па iнiцыятыве старшынi калгаса «Дружба» Семенюка Аляксея Карпавiча было пачата будаўнiцтва цяперашняй нашай школы. I вось нарэшце 1 верасня 1959 года прыгожая белакаменная Мiнянская сярэдняя школа прыняла сваiх першых вучняў. Яе дырэктарам быў назначаны Малышаў Мiкалай Рыгоравiч. Першы выпуск з 20 вучнямi 10 класа адбыўся ў 1962 годзе.

Мы па праву можам ганарыцца сваімі выпускнікамі. Ёсць сярод іх 4 кандыдаты навук:

Гулюк Сцяпан Пятровiч - дзяржаўны дзеяч, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дырэктар Дэпартамента меліярацыі НДІ сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі.

Костка Уладзiмiр Сямёнавiч - кандыдат матэматычных навук, дацэнт Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта.

Страчук Мiхаiл Сцяпанавiч - дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта.

Качурка Васiль Iванавiч – рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Дырэктарамi школы працавалi Малышау Мiкалай Рыгоравiч, Швайчук Мiкалай Сцяпанавiч, Ячнiк Нiна Мiхайлаўна, Радковiч Галiна Уладзiмiраўна. Сёння нашу школу ўзначальвае былая яе выпускніца Молчан Галіна Іванаўна. А Радковіч Галіна Уладзіміраўна – начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама.

 Залатыя медалісты:

1. Поўх Вольга Аляксандраўна, выпуск 2012г.

2. Моцук Таццяна Сяргееўна, выпуск 2013г.

3. Коўч Аксана Барысаўна, выпуск 2015г.

4. Анішчук Вольга Валер'еўна, выпуск 2002г.

 Сярэбраныя медалісты:

  1. Касцюк Іна Мікалаеўна, выпуск 1992г.
  2. Матусяк Тамара Віктараўна, выпуск 1993г.
  3. Флар'яновіч Вячаслаў Мікалаевіч, выпуск 1993г.
  4. Маслоўскі Эдуард Сцяпанавіч, выпуск 1993г.
  5. Семянюк Таццяна Анатольеўна, выпуск 1995г.
  6. Нікалаева Наталля Генадзьеўна, выпуск 2000г.
  7. Флар'яновіч Мікалай Мікалаевіч, выпуск 2000г.
  8. Патоня Вікторыя Леанідаўна, выпуск 2000г. 

Ветэраны педагагічнай працы:

  1. Анікеева Антаніна Аляксееўна, работа ў школе з 1960 па 1981 гг
  2. Данілюк Ліліна Паўлаўна, работа ў школе з 1962 па 1982 гг
  3. Мельнічук Фёдар Рыгоравіч, работа ў школе з 1964 па 1980 гг
  4. Шыловіч Надзея Лаўрэнцьеўна, работа ў школе з 1964 па 1986 гг
  5. Грыцук Ніна Іванаўна, работа ў школе з 1966 па 1989 гг
  6. Мішкевіч Ніна Піліпаўна, работа ў школе з 1964 па 1995 гг
  7. Амяльчук Надзея Уладзіміраўна, работа ў школе з 1963 па 2004 гг
  8. Ігнацюк Валянціна Міхайлаўна, работа ў школе з 1963 па 2006 гг
  9. Скарабагых Людміла Сяргееўна, работа ў школе з 1966 па 2012 гг
  10.  Мішчук Ганна Міхайлаўна, работа ў школе з 1984 па 2015 гг
  11.  Мандзік Яўгенія Паўлаўна, работа ў школе з 1969 па 2016 гг
  12.  Тарасюк Таццяна Мікалаеўна, работа ў школе з 1978 па 2016 гг
  13.  Патоня Валянціна Мікалаеўна, работа ў школе з 1987 па 2016 гг

Мы просім зайсці вас у залу, якая раскажа пра гісторыю нашай вёскі. Вёска Мінянка ўпершыню ўпамінаецца ў 1599 годзе. Існуе некалькі версій яе паходжання. Згодна першай, на тэрыторыі нашай вёскі было месца, куды з’язджаліся многія людзі ў выхадны дзень, каб абмяняцца розным таварам. Адсюль і назва ад слова мяняю. Абменьваю. Ёсць яшчэ адна цікавая легенда пра нашу вёску. Некалі жыў тут прыгожы пан. Кожную раніцу ён некуды спяшыў, заўсёды ехаў вельмі хутка. І заўсёды ён мінаў вялікія прыгожыя дубы, што раслі на вялікай паляне. Але калі ён вяртаўся назад, тады абавязкова зварочваў да гэтых дубоў і адпачываў. Прайшоў час, на гэтым месцы з’явіліся хаты, а хутка і цэлая вёска вырасла. І далі ёй назву Мінянка, ад слова мінаць.

  Быў час, калі наша вёска была ў складзе Падалескай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні. Вёска налічвала 290,5 дзесяціны зямлі, з іх 7,5 дзесяцінамі ўладалі розныя ўладальнікі. У 1897 годзе было 44 двары, 290 жыхароў, хлеебазапасны магазін, кузня. З 1921 года па 1939 у складзе Польшчы. Цяжкія гэта былі часы для жыхароў вёскі. У нашым музеі захаваліся дакументы тых далёкіх часоў. Розныя квітанцыі, дазволы на пабудову, газета “Ленвелна” і іншыя рэчы. І толькі ў верасні 1939 года тэрыторыя Заходняй часткі Беларусі была абяднана з усходняй.На тэрыторыі Кобрынскага раёна было створана шмат сельскіх саветаў. Наша вёска і яшчэ 23 населенныя пункты ўвайшла ў склад Яроміцкага сельсавета. На той час сельсавет налічваў 638 двароў, 2967 жыхароў, была адна няпоўная школа і 5 пачатковых, хата-чытальня, пошта, амбулаторыя, сельпо і 4 крамы, ветпункт, МТС, паравы і 3 ветраныя млыны.

  Але нядоўга людзі цешыліся мірным жыццём. 22 чэрвеня пачалася Вялікая Айчынная вайна. Да канца дня 23 чэрвеня 1941 года горад і Кобрынскі раён былі акупіраваны. Але людзі не маглі скарыцца ворагу. Паступова пачынаюць узнікаць партызанскія атрады. Асноўнай ударнай сілай  партызанскага руху у Кобрынскім раёне была партызанская брыгада імя Чапаева, якая базіравалася ў Дахлаўскіх лясах. Спачатку ў красавіку 1942 года быў арганізаваны атрад імя Чапаева, камандзірам якога стаў І.І.арлоў. У сярэдзіне 1942 года яны знішчылі некалькі варожых гарнізонаў, падарвалі 18 эшалонаў, 87 вагонаў і платформ з жывой сілай і тэхнікай ворага, вывелі са строю 19 паравозаў. У сярэдзіне 1943 года барацьба партызан Дахлаўскага лесу значна ўзмацнілася. Атрад папоўніўся вялікай колькасцю партызан. І ў студзені 1944 года на базе асобнага атрада імя Чапаева была створана партызанская брыгада. Днём і ноччу партызаны здзяйснялі баявыя аперацыі, тым самым наносячы ворагу вялікі ўрон у жывой сіле і тэхніцы.

Але шмат злачынстваў і зверстваў было ўчынена немцамі. Сёння мы ведаем трагедыю вёсак Рэчыца і Каменка, якія былі спалены ў 1942 годзе. Акрамя таго было знішчана 298 двароў, 429 жыхароў, вывезена на фашысцкую катаргу 161 чалавек, з іх вярнуліся дадому 143 чалавекі, загінулі на франтах 141 чалавек. У партызанскіх атрадах 40 чалавек.

У нышым музеі таксама ёсць сведкі тых ваенных часоў. А вось на гэтым стэндзе змешчаны фотаздымкі нашых землякоў, якія прайшлі дарогамі вайны. Пяць з іх дайшлі да Берліна. 

На сённяшні дзень вёска Мінянка ў складзе Буховіцкага сельсавета, цэнтр ААТ “Мінянка”